Выданне кнігі А. Краўцэвіча пра Альгерда і Кейстута

Выданне кнігі Алеся Краўцэвіча: "Дзяржава волатаў. Альгерд і Кейстут - гаспадары Вялікага Княства Літоўскага (1345-1377 г.)"

    Пра кнігу

    У нарысе з серыі “Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх” апавядаецца пра больш чым трыццацігадовае супольнае кіраванне ў Літве Альгерда і Кейстута Гедымінавічаў. Гісторыя вялікага сяброўства і братэрскай вернасці вялікіх мужоў стану, збіральнікаў беларускіх земляў у літаратурнай апрацоўцы, але на падставе гістарычных крыніцаў. Для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. На беларускай і ангельскай мовах.

    Чаму варта замовіць

    Аўтар – прафесійны гісторык, доктар гістарычных навук, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Ілюстратар - графік, сябра беларускага саюзу мастакоў Ігар Гардзіёнак з папярэдняй нашай кнігай пра Гедыміна перамог у нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі". Кніга аформленая як альбом, яе варта мець на на паліцы, каб можна было ўзяць у рукі і паразглядаць малюнкі. Яна можа быць добрым падарункам. Электронны варыянт не перадае мастацкія вартасці выдання.

    Урывак з кнігі

    "Пра Альгерда ордэнскія дыпламаты (і адначасова разведчыкі) паведамлялі свайму кіраўніцтву ў 1357 г.: “Мáе велічную паставу, ружовую скуру, твар даўгаваты, нос выступаючы, вочы блакітныя, вельмі выразныя, бровы густыя, светлыя, барада доўгая светла-русая, трохі сівая, як і валасы на галаве, спераду выпаўшыя, высокі лоб. Росту вышэй сярэдняга, а ні занадта худы, а ні тоўсты. Гаворыць голасна, выразна, прыемным для слыху голасам. Выдатна ездзіць верхам, але калі ходзіць, кульгае на правую нагу. Таму звычайна абапіраецца накій, або на плячук зброяносца. Добра разумее нашу мову і можа гаварыць па-нямецку, але заўсёды пры размовах з нашымі мае пры сабе перакладчыка.” (Апошняе можа сведчыць пра асцярожнасць і разважлівасць – гаспадар хацеў мець больш часу на абдумванне сваіх словаў).

    Апісанне знешнасці Кейстута пакінуў таксама ордэнскі аўтар, які ў 1361 г. убачыў палоннага князя, калі таго прывезлі ў Мальбарк: “Кейстут быў высокі, статны, прамяністыя вочы гарэлі на бледным твары, доўгія валасы пакрывалі яго галаву, сівая барада спадала на грудзі. Скупыя былі яго вусны, але кожнае слова шмат значыла. Калі ён пагражаў, то на ілбе ўздуваліся вены. Увесь выгляд яго будзіў страх". Апошняе не дзівіць, бо Кейстут Гедымінавіч дзесяцігоддзямі даваўся ў знакі крыжакам, мяркую, у Прусах нямецкія маткі палохалі ім дзяцей.”

    "Напэўна, палова, калі не большая частка жыцця братоў прайшла на кані і ў дарозе: ці то ў войнах супраць падзеленых між сабой ворагаў – Кейстута на захадзе, Альгерда – на усходзе, ці то лёталі з края ў край неабсяжнай краіны, каб дапамагчы брату ў асабліва важным паходзе.

    Працягнулі справу бацькі – вялікага Гедыміна, паслядоўна і няўхільна праводзілі ў жыццё ягоную дактрыну: “абарона на захадзе, наступ на ўсходзе”, не адступаючы ад яе нават у самыя складаныя часы. Дасягнулі надзвычайных вынікаў – павялічылі дзяржаву ў два разы! Аб’ядналі ў адзінай дзяржаве амаль усе беларускія землі (за выключэннем часткі Смаленшчыны). Пераўтварылі Вялікае Княства Літоўскае ў рэгіянальную супердзяржаву. Мяркую, можна нават паразважаць пра пэўныя праявы імперскай палітыкі ліцвінскіх уладароў, напрыклад, прывядзенне да леннай прысягі расійскіх княстваў да самай Масквы ці падтрымку слабейшых суседзяў супраць мацнейшых, як у выпадку маскоўскіх паходаў Альгерда."

    Тэхнічныя характарыстыкі

    Фармат, як і папярэдняй кнігі 60х90/8; каляровыя ілюстрацыі, у тым ліку карта; у кнізе каля 170 старонак. Тыраж 2000 экз.

    Кантакт для пытанняў

    akraucewicz@gmail.com

    Другие проекты

    Нет данных