Першы інклюзіўны спектакль на сцэне Купалаўскага

Неабходны мінімум сабраны, але большасць квіткоў яшчэ не прададзеная. Іх можна набыць тут, на Ulej. Давайце не будзем спыняцца!

    29 лютага ў Купалаўскім тэатры ўпершыню пройдзе інклюзіўны спектакль, у якім паўдзельнічаюць каля 100 артыстаў, у тым ліку дзеці з аўтызмам. “Аднойчы ў вялізным горадзе” — пастаноўка сямейнага інклюзіў-тэатра “і”.

    Менш чым за суткі кампанія “Першы інклюзіўны спектакль на сцэне Купалаўскага” сабрала запланаваны мінімум сродкаў, неабходных на паказ пастаноўкі. ДЗЯКУЙ!

    Але большасць квіткоў яшчэ не прададзеная, і Ulej — адзіная пляцоўка, праз якую мы разам можам сабраць поўную залу гледачоў. Гэта надзвычай важна для творчых дзяцей — бачыць і адчуваць удзячную публіку.

    Дык давайце не будзем спыняцца! Ні адзін рубель не прападзе марна: тое, што застанецца пасля арганізацыі пастаноўкі, будзе перададзена сямейнаму інклюзіў-тэатру “і” на аплату арэнды пляцоўкі для рэпетыцый.

    Фотаздымак са спектакля "Аднойчы ў вялізным горадзе"

    Што за спектакль?

    3D-спектакль “Аднойчы ў вялізным горадзе” пастаўлены па апавяданні Ф.М. Дастаеўскага. Гэты твор — гісторыя хлопчыка, які страціў сваю сям'ю і застаўся зусім адзін на халодных вуліцах вялікага горада без шансаў на выратаванне. Але дапамога прыходзіць нечакана: цудам маленькі вандронік трапляе на чароўную анёльскую елку, дзе да яго вяртаецца надзея на лепшую будучыню. П'еса разлічаная ў першую чаргу на дарослага гледача, аднак узнятыя ў ёй пытанні свабоды выбару і сацыяльнай няроўнасці, веры ў дабро і справядлівасць будуць зразумелыя і дзецям. Фантастычная казка з яркімі дэкарацыямі і 3D-праекцыяй не дазволіць засумаваць і простымі словамі раскажа пра няпростыя жыццёвыя сітуацыі нават самым маленькім.

    У чым фішка кампаніі?

    У Мінску дзейнічае важная ініцыятыва: сямейны інклюзіў-тэатр “і”. Гэты тэатр дапамагае дзецям з аўтызмам сацыялізавацца і развівацца праз творчасць. Тэатр з 2016-га года ставіць якасныя спектаклі для ўсёй сям’і, аднак не мае ўласнай пляцоўкі для выступаў і рэпетыцый. Каб нарэшце юныя артысты адчулі смак пастаноўкі на сапраўднай тэатральнай сцэне — больш за тое, на адной з галоўных сцэн Беларусі, — створаны гэты краўдфандынг. Па яго выніках 29 лютага ў Купалаўскім тэатры артысты сямейнага інклюзіў-тэатра “і” пакажуць пастаноўку “Аднойчы ў вялізным горадзе”.

    Што для вас?

    У гэтым праекце — шырокі выбар лотаў. Вы ў любым выпадку атрымаеце задавальненне ад таго, што зрабілі добрую справу, а ў дадатак — у залежнасці ад абранага лота — зможаце выпіць кубачак гарбаты са Святланай Алексіевіч, наведаць трэніроўку па муай-тай ад Віталя Гуркова, звадзіць любімага чалавека ці сябра на канцэрт гурта NIZKIZ і, вядома, на спектакль “Аднойчы ў вялізным горадзе” ад інклюзіў-тэатра “і” ды Тэатра імя Янкі Купалы.

    Дзе і калі адбудзецца пастаноўка?

    Галоўная сцэна Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

    29 лютага (субота), 11:30

    Хто арганізуе паказ?

    Пастаноўка пройдзе па ініцыятыве сямейнага інклюзіў-тэатра “і” ды Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Важнымі ўдзельнікамі кампаніі з’яўляюцца лідары меркаванняў, якія прадстаўляюць лоты, а таксама кожны з краўдфандараў: любая падтрымка мае значэнне.

    Кантакты

    Па ўсіх пытаннях пішыце на familyinclusivetheatrei@gmail.com.Даведацца больш пра сямейны інклюзіў-тэатр "і" можна ў інстаграме.

    Другие проекты

    Нет данных