"Амерыканка": Дажынкі. Вонэгут

Перавыданне культавага раману Курта Вонэгута "Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак" у кніжнай серыі "Амерыканка".

    Незалежная кніжная серыя "Амерыканка" аб'яднала творы культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Перакладчыкі бясплатна пераклалі ўлюбёныя творы, бо хочуць папулярызаваць важныя для сябе ідэі на сваёй мове.

    У 2017 і 2018 годзе, падчас кампаній "Лета з "Амерыканкай"" і "Каляды з "Амерыканкай"" (з "восеньскім абвастрэннем" паміж імі) мы агулам сабралі 11 500 рублёў на выданне першых чатырох кніг серыі. Але разам з грашыма мы займелі нешта каштоўнейшае – цікаўных чытачоў амерыканскай літаратуры, партнёраў, якія падтрымліваюць справай, а таксама рэзідэнтаў кніжнай серыі "Амерыканка" – перакладчыкаў, рэдактараў, дызайнераў, якім цікава ствараць амерыканскія кнігі па-беларуску. Мы называем гэта Клубам сяброў "Амерыканкі" і шчыра запрашаем далучацца.

    Перакладчыкі ажыццявілі складаныя пераклады без ганарару. Мецэнаты дафінансавалі друк кожнага выдання. Гэта дазволіла прадаваць кнігі ўтрая ніжэй за сабекошт. Грошы з продажаў ідуць на патрэбы серыі. Напрыклад, рэалізацыя накладу раману Кена Кізі дазволіла сплаціць аўтарскія правы за раманы Чарлза Букоўскі і Маргарэт Этвуд.

    Але далей так не будзе.

    У верасні выданні "Амерыканкі" ў кнігарнях падаражэюць. Але ёсць і добрая навіна. Гэтая кампанія – самы просты спосаб займець нашы кнігі па "давераснёўскіх" коштах. Мэта "амерыканскіх дажынак" – сплаціць аўтарскія правы на перавыданне беларускамоўнай "Бойні №5" Курта Вонэгута, бо наблізіўся скрайні тэрмін.

    Кніга выйдзе друкам у лістападзе.

    © Kurt Vonnegut, 1969 © Paval Kaściukievič, 2019 Copyright agreement beween Random House, a division of Penguin Random House LLC (New York) and Logvino literatūros namai

    Рэдактура – Валянцін Акудовіч, Марыя Мартысевіч

    Карэктура – Марына Салавей

    Вокладка і макет – Валерыя Шкляр

    Друк – выдавецтва “Логвінаў”

    Фармат выдання 115 х 140 (малы фармат, які чытачы празвалі "цаглінкай")

    Мяккая вокладка

    Тарашкевіца

    Пра кнігу

    Можна сказаць, што гэта аповед пра разбурэнне Дрэздэна, але тады застаецца пытанне, што рабіць з зялёнымі чалавечкамі і іх роднай планетай Тральфамадор. Можна сказаць, што гэта суцэльная фантастыка, але так ужо атрымалася, што Дрэздэн у Другую сусветную напраўду разбурылі і Білі Пілігрым быў адным з нешматлікіх амерыканскіх ваеннапалонных, якія перажылі бамбардаванне 13-15 лютага 1945 году. Адна з самых важных кніг у сусветнай літаратуры ХХ стагоддзя.

    Пра аўтара

    Чытаць пра Курта Вонэгута ў онлайн-часопісе "ПрайдзіСвет".

    "Па вайне вучыўся ў Чыкагскім унівэрсытэце — быў студэнтам на антрапалягічным факультэце. Там вучылі, што абсалютна ніякай розьніцы паміж людзьмі няма. Не выключаю, яны вучаць гэтаму й цяпер. Яшчэ там вучылі, што ніхто ня ёсьць ані добрым, ані кепскім, ані брыдкім. Перад сьмерцю мой бацька сказаў мне: «Ведаеш, у тваіх кнігах ніколі не было адмоўных герояў». Я адказаў яму, што гэтаму я навучыўся ва ўнівэрсытэце"...

    Чытаць пачатак раману на сайце выдавецтва "Логвінаў".

    Пра перакладчыка

    Чытаць пра Паўла Касцюкевіча ў онлайн-часопісе "ПрайдзіСвет".

    "Пажаданні поспехаў і адрас. Я атрымаў гэты аўтограф за некалькі месяцаў да смерці Вонэгута..."

    Інтэрв'ю з Паўлам Касцюкевічам для Радыё Свабода.

    Перадзамовіўшы асобнік "Бойні №5" праз кампанію "Амерыканка: Дажынкі" або ўнёсшы ахвяраванне ў абмен на адну ці некалькі кніг, якія выходзілі раней, вы дапаможаце рэзідэнтам серыі сабраць суму, дастатковую для выплаты 1000 рублёў за аўтарскія правы выдавецтву Penguin Random House (Нью-Ёрк). Грошы, сабраныя звыш гэтай сумы, будуць укладзеныя ў друк.

    Практыка англійскай мовы з "Амерыканкай" і моўнай школай EN Discovery

    За ахвяраванне ў 19 рублёў вы атрымаеце папяровы асобнік "Бойні №5", а таксама адзін занятак у English Club моўнай школы EN Discovery ў Мінску. Размоўны клуб нашых партнёраў – выдатны спосаб навучацца англійскай у нефармальнай абстаноўцы, размаўляючы пра амерыканскую культуру і літаратуры з носьбітам мовы.

    Клуб сяброў Амерыканкі

    Калі вы яшчэ не маеце клубнай карткі "Амерыканкі", яе можна атрымаць за 40 рублёў, а ў дадатак займець усе 4 кнігі малога фармату. Картка сябра | сяброўкі "Амерыканкі" гарантуе істотныя зніжкі і прыемныя бонусы ў наступныя гады існавання серыі.

    А калі я не трымаю дома папяровых кніг?

    Мы дашлем вам у падзяку электронную версію "Бойні №5" у абмен на падтрымку ў 5 рублёў, і камплект з усіх 5 кніг за 20 рублёў, калі вы іх пакуль не маеце. Мы не прадаем гэтыя кнігі праз электронныя кнігарні, але раздаём падчас краўдфандынгавых кампаній.

    Або вы можаце набыць кнігі для бібліятэкі.

    За ахвяраванне ў 40 рублёў мы прадставім вам камплект "Амерыканкі" для перадачы любой бібліятэцы Беларусі на ваш выбар, або перадамо кнігі ад вашага імені. Вы атрымаеце картку сябра|сяброўкі "Амерыканкі" (калі не маеце) і сертыфікат мецэната з падзякай ад Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Далёка не ўсе бібліятэкі Беларусі маюць магчымасць закупаць кнігі. Нашым прыярытэтам будуць універсітэцкія бібліятэкі.

    2017

    Кен Кізі. Палёт над гняздом зязюлі. Пераклад з англійскай Аляксея Знаткевіча.

    Выданне падтрымаў мецэнат Ігар Жабароўскі, кіраўнік праектаў "Инфоурок" і "Инфолагерь". Кніга трапіла ў кароткі спіс Прэміі імені Карласа Шэрмана за 2017 год.

    2018

    Чак Паланюк. Байцоўскі клуб. Пераклад з англійскай Сяржа Мядзведзева.

    Перакладчык атрымаў прэмію "Дэбют" у намінацыі "Пераклад" яшчэ ў 2013 годзе. Праз 5 гадоў выданне прычакала накладу.Чарлз Букоўскі. Чытво. Пераклад з англійскай Ігара Кулікова.

    Выданне падтрымаў мецэнат Міхась Баўдзей. Кніга трапіла ў кароткі спіс Прэміі імя МІхала Анемпадыстава за найлепшае афармленне кнігі (аўтар вокладкі – Анатоль Лазар) і ў доўгі спіс Прэміі імені Карласа Шэрмана за 2018 год у намінацыі "Проза".

    Маргарэт Этвуд. Пенелапіяда. Пераклад з англійскай Вольгі Калацкай і Марыі Мартысевіч.

    Выданне падтрымала Беларуска-амерыканскае задзіночанне Вашынгтона (BAZA-DC).

    Час збіраць кніжны ўраджай з "Амерыканкай"!

    Другие проекты

    Нет данных