"Колер Беларусі" Міхала Анемпадыстава

Захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў. Новае выданне кнігі мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава.

    "Колер Беларусі" — гэта адна з першых спробаў візуалізаваць каларыстыку беларускай мінуўшчыны і сучаснасці з яе яскравымі колерамі і адценнямі, з прыроднымі структурамі, народжанымі пад уздзеяннямі трох стыхій.

    Дызайнерскі альбом “Колер Беларусі” стаў апошняй вялікай працай выбітнага дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава.

    Шыкоўная візуальная частка кнігі суправаджаецца аўтарскімі тэкстамі, якія раскрываюць галоўныя беларускія колеры – паходжанне іх назвы, гісторыю распаўсюду на асобных тэрыторыях, сімвалічную інфармацыю і тыя чыннікі, што ўплывалі на ўсталяванне пэўных каларыстычных прэферэнцый і стыляў.

    Даследуючы колер як феномен культуры і маркер традыцыі, аўтар паказвае гісторыю стыляў і задае пэўны ракурс для разумення ўласнай ідэнтычнасці.

    У кнізе апісаныя 7 колераў, якімі “пафарбаваная” беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны. Кожны “энцыклапедычны артыкул” праілюстраваны дзясяткам фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колеру ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

    Чаму «красным» у Беларусі называлі зялёны колер? Чаму чорны нам не страшны? Што яднае шэры і зялёны? Як звязаны чырвоны колер з развіццём тэхналогій?

    Адказы на гэтыя і шмат іншых пытанняў можна знайсці ў кнізе.

    1. Гэта самая незвычайная “энцыклапедыя” пра Беларусь. Узяў альбом, прагартаў, прачытаў, паўглядаўся ў колеры і іх спалучэнні і зразумеў, якія мы, беларусы.
    2. Кніга спалучае ў сябе вобразны і візуальны шэраг – 120 выкшталцоных і высокаякасных фотаграфій, глыбокае даследванне – каля 100 зносак і спасылак на навуковыя і гістарычныя крыніцы, а таксама талент аўтара-эсэіста, які тонка і стылёва вядзе нас ў вандроўку па колеравай Беларусі.
    3. Кніга мае практычную вартасць і можа стаць дапаможнікам тым, хто працуе са стылямі: рэкламістам, дызайнерам, мастакам, архітэктарам.

    Кніга выйшла ў 2017 годзе лімітаваным тыражом, але мы хочам, каб гэтае ўнікальнае выданне стала часткай культурнага жыцця шырокага кола беларусаў і не толькі.

    Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 году ў Менску.

    Дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст.

    Фота Аляксандры Баярынай

    Навучаўся ў Мінскай мастацкай вучэльні, працаваў ў жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі.

    Быў аўтарам вокладак і ілюстрацый для шматлікіх кніг і часопісаў беларускіх аўтараў - "Бярозка", "Маладосць", кнігі Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі», кнігі Валянціна Акудовіча "Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека." ды інш.

    Аўтар вокладак для CD-дыскаў гурта «N.R.M.», спевака Змітра Вайцюшкевіча і інш.

    Вядомы як выдатны плакатыст і аўтар постэраў да рок-канцэртаў.

    У 2011 г. прэзентаваў фотавыстаўку «Under Ground»: праз угляданне ў беларускія камляплоды, адкрываў глыбейшае вымярэнне беларускай культуры.

    Быў актыўным удзельнікам і аўтарам лагатыпу грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Вёў аўтарскую калонку «Простыя рэчы» на сайце грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!», дзе разважаў пра штодзённыя і адначасова элітарныя праявы беларускай культуры і культуры ўвогуле.

    Быў выкладчыкам і сябрам калегіюма Лятучага ўніверсітэта, дзе чытаў публічныя лекцыі і вёў школу "Дэзань!".

    Шырока вядомы як адзін са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 1990-х. Аўтар ідэі і тэкстаў культавага музычнага праекта «Народны альбом», які выйшаў у 1997 годзе і быў названы «Альбомам году». Песні на вершы Анемпадыстава — у рэпертуары Зьмітра Вайцюшкевіча, гуртоў «Новае Неба», N.R.M., IQ48.

    У 2013 г. выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы».

    24 студзеня 2018 года Міхала Анемпадыстава не стала.

    Апошняй вялікай працай стаў візуальна-даследчы праект "Колер Беларусі".

    Міхал Анемпадыстаў даследаваў тэму колера з 2009 года. У межах праграмы Gauda Polonia збіраў матэрыял, вывучаў тапаніміку, разглядаў кераміку ў этнаграфічным музеі ў Варшаве, перачытваў чарадзейныя казкі і песні, зазіраў у гісторыю мовы.

    Працяг працы адбыўся ў Лятучым ўніверсітэце, дзе ў 2012 годзе ўпершыню была прачытаная публічная лекцыя “Колер Беларусі”. Затым стварыў школа “Дызань!”, дзе ідэі паглыбляліся і дапрацоўваліся.

    У 2016 годзе ў межах праекта CHOICE – Cultural Heritage: Opportunity for Civic Engagement, рэалізаванага пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу, праца над тэмай завяршылася выставай “Колер Беларусі”(што прайшла ў Мінску, Гародне і Віцебску) і стварэннем і выданнем кнігі.

    Абмежаваны наклад кнігі адразу разыйшоўся сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Міхала Анемпадыстава.

    Гэты праект дае магчымасць усім жадаючым замовіць кнігу і стаць уладальнікам унікальнага выдання, створанага нашым геніяльным сучаснікам, які заўчасна пакінуй нас.

    КАНТАКТЫ flyuniby@gmail.com

    ФБ старонка праекта https://www.facebook.com/kolerbelarus/

    Другие проекты

    Нет данных