50 музеев Витебска

Папулярны даведнік “50 музеев Витебска” распавядзе пра самыя цікавыя і малавядомыя экспазіцыі горада.

    Запрашаем у незвычайнае падарожжа

    У Беларусі не друкавалася настолькі поўных шляхаводаў па гарадскіх музеях і экспазіцыях. Вы станеце ўдзельнікам першага падобнага праекта. Гэта кніга прыдасца як жыхарам Віцебска, так і тым, хто яго наведвае ўпершыню. Яна мае прывабны выгляд, таму будзе цудоўным падарункам на памяць пра абласны цэнтр на поўначы Беларусі.

    З якога музея адкрываецца самы цудоўны выгляд на Віцебск? На якой карціне Марк Шагал намаляваў свой будучы арт-цэнтр? Дзе адшукаць сапраўдныя рэшткі віцебскіх замкаў? Дзе паглядзець, як змянялася мода будаўнічых касак альбо міліцэйскіх фуражак? Чаму “селядзец пад футрам” у музеі кулінарнага мастацтва ніколі не псуецца? Запрашем у чароўнае падарожжа па свету віцебскіх музеяў!

    Музейны сталкер

    альбо Як паўставала гэтая кніга

    Напрацягу трох гадоў гісторык Мікалай Півавар даследаваў музеі і выставачныя экспазіцыі, якія працуюць у Віцебску. Нечакана для яго самога такіх месцаў атрымалася больш за сто. Віцебская Ратуша, музей Марка Шагала альбо Цэнтр сучаснага мастацтва добра вядомыя для тубыльцаў і гасцей горада. Там былі радыя бачыць даследчыка і з задавальненнем яго паўсюль пускалі. У іншыя музеі аўтар трапляў з трэцяга разу і толькі пасля паралельнай праверкі асобы.

    Мастацкія цэнтры, прыватныя галерэі, фінансавыя ўстановы, органы бяспекі, школьныя экспазіцыі, фабрыкі і заводы, у тым ліку тыя, ад каторых акрамя музеяў амаль нічога не засталося. Доўгія месяцы даследаванняў былі ўкладзеныя ў манаграфію “Музеі Віцебска на пачатку ХХІ ст.” (Віцебск, 2012). Кніга была надрукаваная абмежаваным накладам і разышлася адразу па прэзентацыі.

    “50 музеев Витебска”, якія зручна чытаць

    Самая цікавая інфармацыя з трох гадоў вандровак па віцебскіх музеях і экспазіцыях перанеслася на старонкі выдання, якое мы тут прапануем. Чым яно адметнае і чаму зручнае?

    • Тэкст напісаны ненавуковай мовай, але з акадэмічнай адказнасцю.
    • Музейныя ўстановы падзеленыя паводле тыпаў.
    • Мапа-схема напрыканцы выдання дазваляе лёгка зарыентавацца на месцы і скласці свой уласны музейны маршрут.
    • Вёрстка насычаная фотаздымкамі і арыгінальнымі ілюстрацыямі.
    • У апісанні кожнага музея змешчана інфармацыя пра гісторыю, экспазіцыю і самыя адметныя экспанаты.
    • Абавязковая дэталь — кантактная інфармацыя і адрас месца знаходжання кожнай установы.

    Калектыўны розум

    Аўтар выдання — краязнаўца, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўнверсітэта, кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар. Над ілюстрацыямі і вёрсткай варажылі маладыя дызайнеркі Анжаліка Гайцюкевіч і Наста Балотнікава. Карэктавала тэкст Настасся Трафімчык — супрацоўніца мінскага Музея Якуба Коласа. Гісторык і адміністратар культурных падзей Раман Воранаў займаўся агульнай каардынацыяй праекта.

    Ідэя і ўвасабленне выдання былі высока ацэненыя журы на серыі прэзентацый “Творчы чацвер”, якія ладзіліся Цэнтрам сучаснага мастацтва і сацыяльна-культурнай установай Vitebsk4Me ўвесну 2016 г.

    Фармат

    Каляровы друк

    Мяккая вокладка

    210 х 148 мм (А5)

    96 старонак

    Другие проекты

    Нет данных