Сучасная беларуская літаратура на слых

Сярод нас жывуць людзі з інваліднасцю па зроку, у якіх няма шанцаў пазнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай. Збіраем на запіс і прэзентацыю аўдыякнігі.

    учасная беларуская літаратура з вялікімі цяжкасцямі праторвае сабе дарогу да чытача, у прычынах гэтага можна разбірацца бясконца, аднак па сутнасці сёння кожны можа купіць кнігу беларускага пісьменніка. Але мы рэдка задумляемся, што ў Беларусі жывуць людзі, у якіх фактычна няма шанцаў пазнаёміцца з нашай літаратурай - гэта людзі з інваліднасцю па зроку. Паводле інфармацыі БелТІЗ, такіх людзей у краіне каля 50 тысяч чалавек, з якіх 20 тысяч - гэта асобы з найбольш сур'ёзнымі формамі захворвання.

    Аўдыякніга - гэта тая форма бытавання літаратуры, якая не праігнаруе людзей з інваліднасцю па зроку як сваіх патэнцыйных спажыўцоў.

    Калі казаць пра беларускамоўныя аўдыякнігі, то ў выпадку з класікай усё не так і дрэнна (хаця спіс найменняў усё адно даволі абмежаваны): можна паслухаць творы, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Якуба Коласа, Івана Шамякіна. Безумоўна, за ўвесь час існавання Беларускае радыё зрабіла значны ўнёсак у агучванне літаратуры, таксама ёсць іншыя незалежныя ініцыятывы, якія працуюць на гэтай ніве. Аднак з самай свежай актуальнай сучаснай беларускай літаратурай у гэтай галіне вялікі прабел.

    Наш праект аніяк не прэтэндуе на поўнае вырашэнне праблемы, хутчэй мы б хацелі абазначыць шлях і зрабіць канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку і шукаем партнёраў у гэтай справе.

    Штогод мы праводзім літаратурную прэмію Гедройца, якая ўручаецца за найлепшы празаічны твор выдадзены па-беларуску ў папярэднім годзе. Лонг-ліст і шорт-ліст гэтай прэміі становяцца пэўнага кшталту спісам найлепшых кніг, якія былі напісаныя па-беларуску за апошні час.

    Сёлета шорт-ліст з 6 кніг ужо вызначаны журы:

    • Уладзімір Арлоў. «Танцы над горадам»
    • Альгерд Бахарэвіч. «Сабакі Эўропы»
    • Адам Глобус. «Сям’я»
    • Вінцэсь Мудроў. «Забойца анёла»
    • Павел Севярынец. «Беларусалім»
    • Анка Упала. «На заснежаны востраў»

    Менавіта з аднаго з гэтых твораў мы плануем зрабіць аўдыякнігу, якая ў першую чаргу будзе бясплатна распаўсюджвацца сярод людзей з інваліднасцю па зроку.

    Ахвяруй, абяры кнігу - распаўсюдзь беларускую літаратуру

    Вынікі прэміі Гедройца сталі вядомыя 11 кастрычніка. Першы лаўрэат Уладзімір Арлоў, другі - Альгерд Бахарэвіч, трэці - Вінцэсь Мудроў. Аднак, з улікам спецыфікі нашай задачы, мы б не хацелі адразу вырашаць, што гэта будзе аўдыякніга менавіта твора-пераможцы сёлетняй прэміі. На выбар кнігі, якая ў выніку будзе агучана, уплываюць спонсары і спонсаркі. Калі вы абіраеце лоты за 20 і 50 рублёў, то, калі ласка, напішыце ў каментарах да праекта, за якую з 6 кніг вы аддаяце свой голас / галасы.

    Асоба або кампанія, якая зробіць найбольшы ўнёсак (1000 рублёў), будзе мець вялікую долю галасоў пры выбары той ці іншай кнігі.

    Такім чынам, канчатковы выбар складаецца так:

    1. адна траціна - кніга-пераможца прэміі Гедройца
    2. яшчэ траціна - кніга, якая будзе найчасцей згадана спонсарамі, якія ахвяруюць 20 і 50 рублёў
    3. яшчэ траціна - кніга, якую хацеў бы бачыць агучанай галоўны спонсар/ка

    У выпадку, калі галоўных спонсараў двое, то долі адпаведна ператвараюцца ў чвэрці.

    На што патрэбныя грошы:

    • на аплату студыйнага часу
    • на аплату працы гукарэжысёра
    • на ганарар дыктару (актору)
    • на падрыхтоўку старонкі праекта ў інтэрнэце
    • на прэзентацыю аўдыякнігі афлайн пасля атрымання выніковага прадукту (мерапрыемства будзе праведзена ў снежні-студзені, аб месцы правядзення будзем паведамляць дадаткова)
    • таксама плануецца правесці сустрэчу з прэсай
    • некалькі спатканняў з мэтай прасоўвання тэмы сярод мэтавай аўдыторыі (кастрычнік-лістапад)

    Другие проекты

    Нет данных